Комментарии

Саша Кропка

Жыхарка Менску: «Тое, што грэе душу»

Маналог былой палітвязынкі.

Я жыву ў Менску... І не магу купіць квіткі ў Тэатр лялек. Гэта немагчыма, бо білеты прададзены на ўсе спектаклі на месяц наперад.

Я засмучаная і ў той жа час радуюся. Уяўляю людзей, якім удалося купіць квіткі на «Хутар», пастаўлены па «Знаку бяды» Васіля Быкава… Прыгадваюцца радкі дзядзькі Васіля: «Напэўна, чалавек такі ўжо ад прыроды, што адказвае дабром на дабро і не можа адказаць дабром на зло. Зло не можа спарадзіць нічога, акрамя зла, на іншае яно не здольна».

Я рада, што ёсць людзі, якія будуць атрымліваць асалоду ад прэм'ернага спектакля Тэатра лялек – «Мроіва».

Недлёка ад балота мроіцца прывід зніклай вескі. Кожная хата – асобны сусвет чалавечых лёсаў. Некалі тут па сваіх спрадвечных законах віравала жыццё.

У спектаклі з асабістага дазволу гучаць дакументальныя аўтэнтычныя запісы жыхароў беларускага Палесся, захоўваецца аўтарская лексіка.

«Мроіва» – спроба спазнаць свае карані праз побыт і традыцыі беларускіх вёсак. Успаміны і здымкі звычайных вяскоўцаў пераплятаюцца з паэтычнымі творамі класікаў беларускай літаратуры: «Адвечнай песняй» Янкі Купалы і «Песняй пра зубра» Міколы Гусоўскага. І ў гэтым дрыготкім мроіве выразна паўстаюць самыя важныя моманты чалавечага жыцця...

Мой дзед і баба па бацьку з Палесся. Я памятаю іх добрыя усмешкі, хату з дахам з чарота, на якой жылі буслы… Пах скошанага ў балоце сена, як смыкалі стажкі, смак балотнай ажыны, вочы задаволеных коней і кароў. Я спадзяюся, што мне яшчэ давядзецца паглядзець «Мроіва»…

Я вельмі задаволена, што нядаўна ў метро сустрэла выдатную дзяўчыну з незвычайна прыгожымі букетамі кветак. Я сядзела з ёй у адной камеры на Валадарцы. І яна распавяла, што раней у яе скончылася «хімія», а кветкі – гэта віншаванні ад сяброў. Толькі ў сучаснай Беларусі, існуе такая «нагода» для дарэння кветак, пагадзіцеся.

Я праходзіла міма «Акадэмкнігі». Ведаю, што там не прададуць «экстрэмісцкія» кнігі Сашы Філіпенкі, Альгерда Бахарэвіча, Святланы Алексіевіч, але на вітрыне ўбачыла «Абярнуся я шэрай зязюляй» і «Хронікі Нарніі» на роднай мове і ўсміхнулася…

Шпацыруючы па праспекце, сустрэла былую калегу, і вельмі ўзрадавалася, што яна не сядзіць у турме і не з'ехала з краіны.

На маленькіх, некалі вясковых могілках, на акраненне Менску, у Сеніцы, дзесяткі гадоў пад дзікай вішняй узвышаўся ўзгорак, на якім не было ні крыжа, ні імя, толькі часам там з'яўлялася штучная кветачка. Сёлета на месцы ўзгорачка я ўбачыла помнік першай настаўніцы Янкі Купалы – Алімпіядзе Сонцавай.

Калі я сядзела на Валадарцы, сяброўка даслала мне ў лісце верш Алеся Разанава.

Калі ўсе згублены ключы

Калі ні шанцу,

а нічога -

усё ж ідзі,

любі,

крычы

і пасягай на перамогу.

Я запісвала гэтыя радкі са сваімі каардынатамі ў блакноцікі сваіх сукамерніц. Калісьці мы ўсе абавязкова сустрэнемся ў новай свабоднай краіне, якая грэе душу…

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(8)