Зачынілі музей паэткі Яўгеніі Янішчыц

Школу ў Парэччы, дзе паэтка навучалася ў 9-11 класах, зачынілі. Гэта і сталася прычынай закрыцця музея Яўгеніі Янішчыц.

Пра гэта напісала ў сацсетках пісьменніца Аксана Спрынчан.

Паводле яе, экспанаты склалі ў скрынкі і адвезлі ў Пінскую раённую бібліятэку. «Скрынкі стаяць, мышкі могуць грызці», — паведаміла Спрынчан.

«Мерчыцкі этнаграфічны музей, які знаходзіцца ў былой школе, дзе Яўгенія Янішчыц навучалася ў 5-8 класах, адмовіўся ўзяць да сябе экспанаты з яе музею.

Летась я наведвала гэты музей, там нават не было партрэта паэткі. Залаў у музеі 6, да таго ж вялізная прастора ў калідорах. Што ж за людзі там працуюць, калі ім лянота ўзяць да сябе знакамітую зямлячку?» — абураецца пісьменніца.

— …Дыскрымінацыя жанчын працягваецца. У Беларусі няма ніводнага дзяржаўнага літаратурнага музея жанчыны. Застаўся адзін школьны музей Цёткі».

Імя Яўгеніі Янішчыц ведае кожны беларускі школьнік — яе верш «Ты пакліч мяне, пазаві» уключаны ў праграму.

«Музей Яўгеніі Янішчыц у школе ў Парэччы, дзе яна вучылася, зачынілі, бо зачынілі школу. Гэта ўсё, што трэба ведаць пра: культуру Беларусі, адукацыю ў Беларусі, гісторыю Беларусі, дэмаграфію Беларусі», — адрэагаваў у Threads блогер Віктар Малішэўскі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 1(1)