Святлана Курс: «Нашая радзіма і так вельмі часта стаецца для нас сымбалем чагосьці вельмі цяжкага — а гэта не так»

Беларуская пісьменніца, журналістка і перакладчыца Святлана Курс распавяла пра сваю новую кнігу і барацьбу з хваробай. І чаму лічыць, што творцам пра гістарычныя падзеі трэба пісаць праз час, а не на жывых эмоцыях.

— Калі я даведалася пра хваробу (сёлета ў пісьменніцы дыягнаставалі рак, беларусы адгукнуліся і ўсяго за некалькі гадзін дапамаглі сабраць сродкі на яе лячшэнне — С.) — знішчыла чарнавік новай кнігі, усё пазнішчала, — узгадвае пісьменніца ў гутарцы з Ксеніяй Галубовіч на канале Columbus Post. — У мяне цяпер увогуле мінулага няма, няма вялікай колькасці рэчаў.

Святлана Курс

Я, відаць, адчувала, што хворая. Як ішла ў адпачынак напрыканцы красавіка — пачала прыбіраць усё на працы. Вышаравала свой стол так, каб не было нічога арганічнага, каб не сапсавалася. І тое самае зрабіла з хатай пасля дыягназу — як толькі стала на ногі, пачысціла, каб не пакідаць па сабе след.

Я бачыла многа слядоў па мёртвых людзях, і мне гэта зусім не спадабалася. Лічу, што сыходзіць трэба экалагічна.

Што да кнігі — да новай вярнуся. Аднак хачу пісаць кнігу на задавальненні, калі ты чымсьці захоплены. А тыя кнігі пісаліся на вельмі змрочным настроі. Таму што цяжка перажыць столькі гістарычных траўмаў.

Фактычна, мы як паўстанцы 1861-63 гадоў — страцілі радзіму, параскіданыя па свеце, глядзім на тое, што нішчыцца на Бацькаўшчыне, і гэта вельмі балюча. Ну, вось тады хаця б паланэз «Развітанне з Радзімай» напісаўся.

Я такі чалавек, каторы не любіць занадта многа такой цемры, што нельга вынесці. Люблю цемру прыемную, у якой таямніца.

Карацей кажучы — ні пра што не шкадую. І слядоў па сабе ў выглядзе дзённікаў ці там запісак не збіраюся пакідаць, гэта бессэнсоўная з’ява. Бо на такім змрочным настроі калі напішаш што, так гэта будзе прыгнятаць іншых людзей.

Гэта няправільная жыццёвая прапорцыя: што гіне мова, гіне культура, гаротная наша старонка, нашыя палітвязні, нашыя хваробы і гэта ўсё. У такой прапорцыі жыць нельга.

Калі ты хочаш сапсаваць людзям настрой, то гэта павінна быць зроблена з якойсці мэтай — катарсісу, напрыклад. А калі ты проста дакладаеш цэглы, як вярблюду на горб, то шкодзіш гэтым. Шкодзіць не трэба.

У нас ёсць праваабаронцы, ёсць шмат людзей, якія пішуць летапісы. Каб дакладна помніць, хто і што зрабіў, каго трэба пакараць, каго пасадзіць, а каго і расстраляць было б не шкодна. Я гляджу, што гэтым займаюцца сур’ёзна. Таму пісьменніку, творцу, рэжысёру не абавязкова назіраць гэтую змрочнасць — можна ператварыцца ў вочы і вушы, адсочваць гэта і чакаць, калі матэрыял сам запрацуе і ў цябе будзе творчае натхненне.

Думаю, Янка Купала, які пісаў «Раскіданае гняздо», — гэта вельмі змрочна, канешне, але колькі ж там яшчэ і чорнай магіі. Ён быў вялікі меланхолік, і гэта была ягоная творчая стыхія.

А мы, калі будзем усе пісаць, гвалцячы сябе, пра 2020 год — што можна цікавага напісаць па гарачых слядах? Мне падаецца, па-першае, гэта могуць толькі ўдзельнікі, яны адчулі той нерв і стыхію, а па-другое, трэба перажыць, адысціся на некалькі крокаў і толькі тады напісаць штосьці сапраўды вартае. Інакш не атрымаецца.

Мне вельмі падабаецца тое, што робіць Каця Ваданосава і што робяць паралельна палякі. Яны вельмі падрабязна апісваюць «чорны пратэст» жанчын 1863 года, калі тыя адмовіліся насіць упрыгожанні і што-кольвек, апрача чорнага, на знак жалобы па паўстанцах. Гэта быў вельмі прыгожы пратэст, ты адчуваеш моц гэтага ўсяго.

І цяпер гэта апісваеш не на жывых эмоцыях, не кавалкамі з сябе сэрца выдзіраеш, а пішаш з глыбокім спачуваннем і гістарычнай аналогіяй у сваім розуме.

Хаця гэта не азначае, што мы не памятаем пра тых, хто цяпер жыўцом гніе ў беларускіх турмах — мы бачылі, якімі яна выходзяць. Але ўсё ж мне здаецца, што неабходная нейкая раўнавага. Нашая радзіма і так вельмі часта стаецца для нас сымбалем чагосьці вельмі цяжкага — а гэта не так.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4(8)