Навумчык: «Плявок у бок тых, хто ад пачатку змагаўся з дыктатурай Лукашэнкі»

Публіцыст — пра тое, чаму нельга забываць пра тое, калі сапраўды Беларусь была ператворана ў неправавую аўтарытарную краіну.

— Офісная канцэпцыя люстрацыі — плявок у бок тых, хто ад пачатку змагаўся з дыктатурай Лукашэнкі, — піша Сяргей Навумчык. — У чэрвені мне даводзілася выказвацца адносна пэрыядызацыі Канцэпцыі люстрацыі, прапанаванай Офісам Ціханоўскай. Яе аўтары пачынаюць адлік аўтарытарызму ад 29.12.1995 (падпісаньне аднаго з указаў Лукашэнкі), ігнаруючы аж паўтары гады ўсталяваньня дыктатуры.

Сяргей Навумчык

Тады я пісаў, што (выбачаюся за самацытату) «ужо ў 1995 годзе Беларусь была ператворана ў неправавую аўтарытарную краіну. Аўтарытарызм ужо дзейнічаў напоўніцу, закранаючы практычна ўсе сэктары жыцьця... Тое, што мы называем антыканстытуцыйным, антыдэмакратычным, антабеларускім рэжымам — было сфармавана ўжо ў 1994-95».

І пералічваў некаторыя падзеі, нагадаю іх яшчэ:

  • цэнзурныя «белыя плямы» замест дакладу Сяргея Антончыка аб карупцыі ў атачэньні Лукашэнкі ў сьнежні 1994,
  • зьбіцьцё дэпутатаў Апазыцыі БНФ падразьдзяленьнямі КДБ і МУС у красавіку 1995,
  • падаўленьне страйку мэтрапалітэнаўцаў у жніўні 1995 (са звальненьнем удзельнікаў страйку, арыштамі членаў страйкаму, інтэрнаваньнем дэпутата ВС Антончыка)
  • і незаконнае спыненьне дзейнасьці Свабоднага прафсаюзу.

Нарэшце, антыканстытуцыйны (з парушэньнем дзясяткаў (!) артыкулаў Канстытуцыі і законаў) «рэфэрэндум» 1995, які зганьбіў нацыянальныя сымбалі, загнаў у гета беларускую мову, даў Лукашэнку магчымасьць распускаць парлямэнт і праводзіць «інтэграцыю з Расеяй» (а рэальна — зьнішчаць Незалежнасьць Беларусі).

На вялікі жаль, цяперашняя прэзэнтацыя канцэпцыі ў Празе сьведчыць, што аўтары сваёй пазыцыі не зьмянілі: усяго вышэйназванага ў гісторыі Беларусі як бы і не было. А калі і было, дык гэта — ніякія не праявы аўтарытарызму.

Ня буду аналізаваць прычыны такога падыходу, яны зразумелыя — як відавочная і бессэнсоўнасьць намаганьняў на яго паўплываць.

Зафіксую толькі, што асабіста я ўспрымаю гэта як плявок у бок сваіх колішніх паплечнікаў па БНФ і па Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце 12-га скліканьня — якія супрацьстаялі праімпэрскім намаганьням тады яшчэ дэпутата Лукашэнкі, выступалі супраць увядзеньня пасады прэзыдэнта і змагаліся з усталяваньнем дыктатуры Лукашэнкі зь першых жа яе дзён.