На фестывалі PRADMOVA назвалі лепшыя беларускія кнігі апошніх гадоў для дзяцей і падлеткаў

У Познані 9 лістапада былі ўручаныя прэміі найлепшым аўтарам і мастакам кніг для дзяцей і падлеткаў.

Літаратурнае і мастацкае журы вызначыла пераможцаў прэміі Цёткі за 2023 і 2024 гады.

Гэтая ўзнагарода, заснаваная ў 2016 годзе, традыцыйна прысуджаецца ў дзвюх намінацыях: літаратурнай і афарміцельскай.

У 2023 годзе найлепшымі беларускамоўнымі кнігамі для дзяцей і падлеткаў, на думку экспертаў, сталі:

  • «Вольнеры. Прадвесце» Валера Гапеева — «за адкрыццё новай прасторы беларускага міфапаэтычнага космасу»,
  • «Гарэзлівы пацалунак» Евы Вайтоўскай (кніга 2) — «за смелую імправізацыю паводле японскага сюжэту і беларускі свет гарэзлівага юнацтва».

Найлепшай мастацкай працай журы палічыла ілюстрацыі Лізаветы Лянкевіч да кнігі Яна Бжэхва «Акадэмія доктара Клякса». Асобна быў адзначаны сучасны падыход мастачкі.

Фота: penbelarus.org

У 2024 годзе, паводле сукупных ацэнак экспертаў, прэмію ў літаратурнай намінацыі падзялілі:

  • Альгерд Бахарэвіч з ягонай кнігай «Капітан Лятучая Рыба» — «за мастацкую трансфармацыю вобразу выгнання ў вялікае падарожжа насустрач свету»,
  • Эльга Папова з кнігай «Мора ў горадзе» — «лёгкі і нязмушаны аповед пра мора, якое заўжды з табой».

У мастацкай намінацыі перамогу атрымала зашыфраваны (-ая) ўдзельнік (-ца) з псеўданімам Маргарыта Аніс — за афармленне кнігі Веранікі Юлляш «Розум, смеласць і добрае сэрца».

Фота: penbelarus.org

Зазначым, што частка літаратурнага і мастацкага журы таксама працавала непублічна, са зразумелых прычын бяспекі. Сярод публічных сябраў журы — паэт і перакладчык Андрэй Хадановіч, кніжная блогерка Кацярына Жамойдзіна, культурная менеджарка Кацярына Веразуб, мастачка Лілія Бусарава.

Арганізатары прэміі — дабрачынная ініцыятыва «Viartańnie», Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў і Беларускі ПЭН.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(2)