«Індыя скарачае набыццё расійскай нафты, і тут Лукашэнка раптам выклікае да сябе індыйскага амбасадара»
Эканаміст Андрэй Махоўскі пракаментаваў апошнія падзеі — магчымую схему абыходу санкцый, курс долара і праблемы ў расійскай эканоміцы.
Лукашэнка падчас сустрэчы з амбасадарам Індыі заявіў, што тавараабарот паміж краінамі складае паўмільярды долараў, што для адносін Беларусі і Індыі «амаль нішто». На яго думку, планка ў 1,5-2 міліярды цалкам дасягальная.
— Насамрэч, рэкордны тавараабарот з Індыяй да санкцый складаў 576 мільёнаў. Гэта калі мы гналі нашыя калійныя ўгнаенні без абмежаванняў. Адкуль возьмуцца 1,5-2 мільярды? Гэта рэальна шмат, — разважае эканаміст Андрэй Махоўскі ў эфіры Еўрарадыё. — Нават калі прадаваць калій у тых жа аб’емах, можна яшчэ 200-400 мільёнаў нагнаць. Але не 1,5 мільярды. Што яны будуць у Індыю прадаваць, трактары МТЗ? Не думаю.
— Але ў мяне ёсць версія. Нядаўна ЗША ўвялі санкцыі супраць «Роснафты» і «Лукойла». Чытаў, што зараз індыйскія нафтаперапрацоўчыя заводы шукаюць, як ім набыць нафту. З аднаго боку, ім хочацца таннай нафты, з іншага, не хочацца амерыканскіх санкцый.
А мы ж ведаем, што ў нас ёсць чалавек, які, калі хоць дзе-небудзь запахла схемай, ён тут як тут са сваімі прапановамі. Такія грошы прападаюць. І тут можна знайсці схемку.
Гэта спекуляцыя, але ёсць супадзенні. Нядаўна Трамп заяўляў, што пад яго ціскам Індыя скарачае набыццё расійскай нафты, а тут Лукашэнка раптам выклікае да сябе індыйскага амбасадара, прапаноўвае, каб да яго прыехаў Модзі — зразумела, не з амбасадарам ж такія рэчы абмяркоўваць.
Эканаміст таксама пракаментаваў прагнозы, датычныя курсу долара ў Беларусі — мяркуецца, што ён падаражэе да 3,4 рубля.
— Гэта аснована на простых падліках: кошт на нафту, дэфіцыт расійскага бюджэту і тое, колькі ў Расіі павінен каштаваць долар, каб дэфіцыт быў не такі вялікі. У залежнасці ад таго, колькі каштуе долар у Расіі, можна падлічыць, колькі будзе каштаваць долар у Беларусі. Калі ў Расіі гэта ўмоўна 95-100 рублёў, то ў Беларусі якраз 3,4-3,5 рублёў.
Акрамя таго, эканаміст звяртае ўвагу, што апошнім часам расійская эканоміка не вытрымлівае санкцый, якія не так хутка, але працуюць.
— У верасні мы першы раз убачылі, што пачалося зніжэнне ў ваенпраме. Пры тым, што раней быў рост на дзясяткі адсоткаў. Што адбываецца? Канчаюцца грошы. Дэфіцыт расійскага бюджэту рэальна вялікі. Канешне, тое, што адбылося ў верасні, гэта толькі адзін месяц. Усё можа вярнуцца. Але гэта вельмі сімптаматычна. Адбываецца тое, пра што казалі ў пачатку вайны: Расія не вытрымае новую гонку ўзбраення. Ну вось яна і не вытрымлівае.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное