«І людзі мы іншыя, і ўсё ў нас іншае»

Пра імпрэзы ў Гаазе, супраціўленне забыццю, і як змагаюцца за назву нашай краіны, «Салідарнасці» распавёў суарганізатар аб’яднання прадстаўнікоў беларускай дыяспары ў Нідэрландах MARA Антон (імя зменена па просьбе суразмоўцы).

Фота прадастаўленыя суразмоўцам «Салідарнасці»

Беларуская суполка ў Нідэрландах робіць Купалле ў Гаазе ўжо пяць гадоў запар. У гэтым годзе на бераг Паўночнага мора прыйшлі абняцца ды падтрымаць адзін аднаго сотні беларусаў.

— І яно супала з вызваленнем 13 палітвязняў разам з Сяргеем Ціханоўскім. Гэта быў такі шыкоўны падарунак нам усім! — распавядае Антон.

Дыяспара з радасцю запрашае артыстаў ды рыхтуе пляцоўкі. Канцэрт NaviBand адбыўся у царкве, у прыгарадзе Амстэрдама. Туды даволі складана дабрацца, але ж прыйшло шмат людзей. 

— Калі мы рабілі інтэрв’ю з Веранікай Кругловай, яна дала фотку, якую мы падпісалі «Купалле ў Гаазе». Гучыць вельмі моцна. Якая дынаміка свята за 5 гадоў?

— Нам таксама смешна, як гэта гучыць. Але ж гэты горад у нас асацыюецца зусім не з трыбуналам і палітыкай, а з месцам, дзе жывем. Троху іншае адчуванне.

Зразумела, з Гаагай у многіх з нас звязана шмат спадзяванняў. Але наш фестываль беларускай культуры мае назву «Купалле на Паўночным моры». І ён пра іншае.

Купалле — старажытнае свята святла, сонца, агню, кахання, вады і абнаўлення. Сонца не просіць дазволу ўзысці, як і надзея. Нават у цёмныя часы святло заўсёды вяртаецца.

Ведаць сваю культуру — значыць стаяць вышэй у свеце. А дзяліцца ёю з песнямі, з танцамі, са смехам — гэта моц. Гэта гонар. І калі запальваем агонь, пляцём вянкі і спяваем разам, мы робім больш, чым проста святкуем. Мы супраціўляемся забыццю. Мы настойваем на радасці. Мы кажам: мы ўсё яшчэ тут. Мы ўсё яшчэ разам.

З кожным годам у нас ўсё лепей атрымліваецца яго арганізаваць. У мінулым годзе было больш за тры сотні беларусаў, у гэтым годзе трошкі менш. І кожны год дзяўчыны, і ня толькі, плятуць вянкі. І з кожным годам гэтых людзей усё больш.

Гарык Лімон казаў нам, што гэтым летам пасля вашага Купялля спытаў у дачкі, што яе больш уразіла. Адказ быў: «Людзі...»

— Я цалкам згодны. На кожнай нашай імпрэзе менавіта людзі дадаюць імпульс і моц працягваць. Бо бачым, што гэта патрэбна не толькі нам.

Гаага — гэта некалькі тысяч кіламетраў ад Менску, але шмат людзей тут ходзяць на ўсе беларускія імпрэзы. Шмат хто пераехаў яшчэ да 2020-га, нехта нават 30 гадоў таму.

Да Дня Волі мы ладзілі канцэрт РСП, затым прыязджалі «Касары», бард Аляксандр Баль. Была імпрэза з паэтам Сяргеем Башлыкевічам. І шмат хто потым казаў: «Мы не думалі, што яны такія крутыя, і такое моцнае выкананне!»

Нам гэта прыемна, бо не вельмі шмат чаго мы можам рабіць для пашырэння беларушчыны ў свеце.

«Мне застацца беларусам нават па-за межамі Радзімы прасцей, чым стаць нідэрландцам»

— Мастачка Юля Мекес распавядала нам, што ў групе беларусаў з Нідэрландаў каля тысячы чалавек. Але ж на мерапрыемствы прыходзіць, мо, 200. А калі палітычныя акцыі, дык нават менш. І задала пытанне, якое пакінула без адказу: «Мы хочам усе дружна застацца ў Еўропе, ці каб у Беларусі нешта памянялася?»

— Так, на палітычныя акцыі прыходзіць нашмат менш людзей, чым на канцэрты. Мне падаецца гэта даволі натуральным, бо, па-першае, нават у самых здаровых грамадствах не так шмат палітычна актыўных людзей. У Нідэрландах, напрыклад, даволі нізкая яўка на выбарах.

Людзі ўвогуле не любяць, калі ў іх нешта не атрымліваецца. І так, мы па-за Беларуссю, і мы не перамаглі. Таму людзям не вельмі гэта падабаеццца. Я так сабе гэта тлумачу і думаю, што гэта не мы «нейкія не такія». Думаю, што ў нас усё яшчэ будзе.

А наконт таго, ці хочам мы застацца ў Еўропе, людзі вельмі добра і даволі хутка прыстасоўваюцца да добрага жыцця, якое тут пабачылі. Хочацца так жыць і далей.

Я з’ехаў з Беларусі па працы да 2020-га і вельмі сумую па Радзіме. Па зямлі і пахам, бацькоўскай хаце. Але ж думаю, што сваё жыццё я пабудую ў Нідэрландах. І разам з тым хацеў бы мець «дАчку» ў Беларусі, каб прыязджаць туды часцей.

Насамрэч падаецца, што ніколі не стану нідэрландцам. Мне прасцей  застацца беларусам, нават па-за межамі Радзімы.

— Вы ж маглі і зараз жыць сваё сытае еўрапейскае жыццё і не рабіць тое, што робіце пра Беларусь і для беларусаў. Чаму вырашылі інакш?

— Пачынаючы з вясны 2020-га, было зразумела, што нешта адбываецца, і выбары будуць не такія, як дагэтуль. Прынамсі, у маім жыцці, бо я даволі малады.

Мы з жонкай галасавалі ў Беларусі і, калі вярнуліся ў Нідэрланды, тут ладзілася шмат мітынгаў, дзе збіраліся сотні чалавек. Паліцыя для нас перакрывала вуліцы, ішлі сотні людзей з бел-чырвона-белымі сцягамі.

Мы зразумелі, што тут шмат беларусаў, і праз некаторы час з’явілася адчуванне, што можа атрымаецца зрабіць  арганізацыю. Знайшлі адзін аднаго, і нам спадабалася працаваць разам. Калі нас больш — тады мы і зрабіць можам больш.     

«Нашым беларускім уцекачам гэтая падтрымка дае адчуванне, што яны не адны»

— Ваш першы пост у інстаграме, які дарэчы прызналі «экстрэмістскім»: «Мы MARA, аб’яднанне прадстаўнікоў беларускай дыяспары ў Нідэрландах... Мы будзем выступаць пасярэднікам паміж беларускай дыяспарай і дзяржаўнымі органамі Нідэрландаў». Бо гэта ваша асноўная праца?

— Не, наконт гэтай апошняй фразы мы спрачаліся, бо не хацелі браць на сябе дадатковую юрыдычную ці іншую адказнасць. Ці камусьці дадаваць надзею, што можам дапамагчы.

Мы не маем кантактаў ва ўрадзе. Адзінае, што можам і шмат робім — пішам лісты, на якіх ёсць наша імя. Ведаем, куды пісаць, робім гэта і атрымліваем адказы. І нашым беларускім уцекачам гэтая падтрымка дае адчуванне, што яны не адны.

Уся наша ініцыятыва не прыносіць ані цэнту, толькі выдаткі. Ніякай камерцыі. Працуем толькі за адчуванне, што робім нешта добрае.

Сярод нас ёсць добрыя людзі, якія вельмі шмат на сябе бяруць. Я пра тое, што, калі прыязджае нейкі музыка, мы запрашаем пажыць у кагосьці з нашых сяброў ці чальцоў арганізацыі.

Калі казаць пра Купалле, то гэта заўсёды грошы на пляцоўку, што ў Нідэрландах вельмі дорага. Асабліва летам, на моры. І амаль заўсёды адбіваем ў нуль, але ж не заўжды.

А я думала, што прыйшлі на бераг мора ды святкуем. Як калісьці ў Алеся Пушкіна, які кожнае лета ладзіў Купалле ў сябе ў Бабры...

— Не, тут людзі звычайна хочуць нешта паесці, папіць, зноў жа электрычнасць для музыкаў, арэнда пляцоўкі. Так, гэта пясок каля мора. Але, каб вы разумелі: яна цягне нешта 8-10 тысяч еўра.

Таму і квіткі на наша Купалле каштуюць нятанна. Каб проста выйсці ў нуль. І нам вельмі шанцуе з музыкамі, якія не патрабуюць вялікія ганарары.

Беларускія музыкі даволі сціплыя. Нават Уладзімір Пугач не думаў, што ў Гаазе нехта на яго прыйдзе, дай Бог, калі 10 чалавек. А прыйшло шмат!

«Гэта дошка афіцыйных вынікаў галасавання ў 2020-м у беларускай амбасадзе ў Нідэрландах»

— Вы збіралі святочныя перадачы палітвязням і грошы іх дзецям.  І ўкраінцам збіралі...

— Важна адзначыць, што мы менавіта дапамагалі збіраць. Гэтыя ініцыятывы па збору нараджаюцца натуральна.

Быў марафон, калі беларусы сабралі палітвязням шмат грошай, мо, 500 тысяч еўра. Мы не маглі не паўдзельнічаць, і грошы, якія засталіся ад імпрэз ды данатаў, таксама перадалі. Потым прышоў чалавек, які збіраў грошы на генератары для Украіны. І яму дапамаглі.

Я вельмі хацеў прывезці да нас Nizkiz, не паспеў (у красавіку 2024-га музыкам далі па 2,5 гады хатняй хіміі, — С.) Хтосьці сказаў: ёсць  бард Аляксандр Баль, давайце запросім. А зараз ужо і беларускія музыкі да нас звяртаюцца, кажуць: «Вы кагосьці прывозілі, не хочаце і нас прывезці?»

А мо былі музыкі ці нейкія творцы, якія адмаўлялі? Бо вы ж грошы не плаціце...

— Каб адмаўлялі па прычыне грошай — такога не было. Наадварот, усе вельмі рады: вау, з Нідэрландаў пішуць!

Ёсць знаёмыя ў іншых гарадах, то, калі да нас хто едзе, музыку робяць нават невялічкі тур. Каб не толькі да нас у Гаагу, а, мо, яшчэ гэтым разам і ў Нямеччыну з канцэртам завітаў. Так, здаецца, у Аляксандра Памідорава атрымаўся невялічкі тур.

 — Бачыла фотку ў вашым інстаграме — дошка з вынікамі выбараў прэзідэнта Беларусі. На першым месцы Ціханоўская, на другім — Дзмітрыеў. Што гэта?

— Гэта дошка афіцыйных вынікаў галасавання ў 2020-м у беларускай амбасадзе ў Нідэрландах. Яны толькі да Менску, напэўна, не даехалі...

Тады яшчэ так можна было, падлічылі ўсё сумленна. Наша амбасада ў Нідэрландах агучыла перамогу Ціханоўскай.

Але з таго часу шмат што змянілася: іншыя працаўнікі амбасады, іншая адрэса.

Вы галасавалі ў жніўні 2020-га ў Менску. Што для вас тыя падзеі?

— Я пабачыў тады, што беларусы — цывілізаваная добрая нацыя. Бо да таго ўсё жыццё думаў, што мы трошачкі такія загнаныя, ціхенькія, такі постсавок. А ў 2020-м зразумеў, што з намі ўсё нармалёва.

Я быў назіральнікам на ўчастку і не быў уражаны. Бо яшчэ з вясны 2020-га разумеў, што нешта рухаецца, нешта можа змяніцца.

«На жаль, так з намі зрабілі, але наша мова іншая. І людзі мы іншыя, і ўсё ў нас іншае»

— Шмат нідэрландцаў не разумее, што адбываеца ў Беларусі ды ва Украіне. А яшчэ з чым мы зараз спрабуем змагацца, дык гэта з назвай нашай краіны ў іх афіцыйных дакументах «Wit-Rusland», Белая Расея. Мы пішам ва ўстановы, каб змянялі гэта на Belarus. І ў некаторых нават атрымалася.

Але іх супрацоўнікі мне кажуць: «Дык ты ж на рускай размаўляеш». Я пагадзіўся: так, усё жыццё размаўляў на рускай, але гэта не галоўная мова ў Беларусі. На жаль, так з намі зрабілі, але наша мова іншая. І людзі мы іншыя, і ўсё ў нас іншае.

Яны вельмі добра гэта прымалі: маўляў, дзякуй, добра, я не ведаў. Тут троху смяюцца з Лукашэнкі, няшмат хто ведае, што ён людажэр. Для іх ён такі дзіўны і смешны «дружбан» Пуціна.

Але мы з жонкай перайшлі нарэшце на беларускую мову, бо абрыдла. Нам захацелася нават на вуліцы адрознівацца ад рускіх.

Дарэчы, і ў нашай арганізацыі перайшлі цалкам на беларускую мову. Нават тыя, хто пераехаў з Беларусі 30 гадоў таму.

Канешне, шмат хто з’ехаў, але большасць беларусаў засталася на Радзіме. І яны не ператварыліся ў людажэраў, беларусафобаў ці фанатаў Лукашэнкі.

І я мару прывезці наша Купалле нарэшце з Паўночнага мора ў Беларусь. Каб нашы бацькі ўжо не ездзілі святкаваць наша нацыянальнае свята за дзве тысячы кіламетраў.

Ды ў вас суперская дыяспара!

— Святлана Георгіеўна тое самае сказала. Яна прыязджала ў Гаагу на саміт і знайшла час сустрэцца з намі. Трошку стомленая была. І гэта ж не першы раз.

Адзін чалавек задаў ёй пытанне пра свае праблемы, з якімі сутыкнуўся, як уцякач. А яна такая: «Дык а што вы да мяне? Вось у вас дыяспара, цудоўная арганізацыя, якая ўсё зробіць ды дапаможа».

А ў нас жа пакуль няма вялікага ўплыву, бо ў арганізацыі ўсяго 9 чалавек, з якіх актыўных 5 (смяецца). Але ж, калі такая справа ды водгукі — то будзем імкнуцца!

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(15)