Политика

Юлія Кот

Дракахруст – пра перамовы з ЗША: «Лукашэнка — вязкі таргаш. Працэс запаволіўся, але кропка не пастаўленая»

Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода» Юры Дракахруст у экспрэс-каментары «Салідарнасці» — пра тое, чаму мог быць адкладзены візіт дэлегацыі ЗША ў Мінск.

Падчас кадравага дня 20 лістапада Аляксандр Лукашэнка як бы міжволі абмовіўся, што ў снежні ў яго насычаны графік: «вялікая камандзіроўка па Поўдні планеты», сустрэчы з чальцамі АДКБ, нарада ў Санкт-Пецярбургу і «хутчэй за ўсё, перамовы з амерыканскімі партнёрамі».

Але ж яшчэ нядаўна беларускія ўлады анансавалі падрыхтоўку да сустрэчы са спецпасланнікам па Беларусі Джонам Коўлам, і гэта гучала як справа вырашаная. Правадыр рэжыму ўсяляк сігналізаваў, што гатовы да «вялікай здзелкі». Чаму цяпер ката цягнуць за хвост — і галоўнае, з якога боку і з якой прычыны? Ці то амерыканцы маюць пэўныя разлікі, прыкладам, датычна мірных перамоў па Украіне, каб данесці праз Мінск сваю пазіцыю да Крамля, ці то правіцель РБ чакае найбольш спрыяльнага моманту?

— Не выключаю, што ёсць перашкоды і з амерыканскага, і з беларускага боку, — зазначае ў экспрэс-каментары «Салідарнасці» палітычны аглядальнік «Радыё Свабода» Юры Дракахруст.

— З боку ЗША памянялася структура перамоўнай каманды, раней там усё ж галоўным быў Кіт Келаг (які, паводле навінаў, неўзабаве сыходзіць у адстаўку). А Коўл быў ягоным намеснікам, цяпер робіцца першай асобай у перамовах, і гэта можа мяняць нейкія фарматы.

Акрамя таго, мы бачым даволі складаную сітуацыю, што да краін Еўразвязу — яны не тое каб спяшаюцца за Трампам у ягоных новых падыходах да Беларусі. Адпаведна, прынамсі здымаць санкцыі не надта рвуцца. З іншага боку, бачныя і нейкія крокі па зніжэнні напружанасці: маю на ўвазе, адкрыццё Польшчай памежных пераходаў, якія гадамі былі зачыненыя, і датэрміновае адкрыццё межаў Літвы.

Лукашэнка ж у гэтым сэнсе — гэткі вязкі таргаш. Ён не аддае нічога, што ў яго ёсць, без доўгага гандлю, без вымотвання нерваў у сваіх партнёраў.

Многія меркавалі, што ў абмен на адкрыццё польскіх пераходаў будзе ўсё-ткі вызвалены Анджэй Пачобут і манах Гжэгаж Гавел. А вось не. Хоць магчыма, што гэта будзе зроблена, але пазней і з выманнем яшчэ порцыі нерваў з палякаў. З тым, каб і амерыканцы асобна папрасілі, каб тых вызвалілі.

Хоць варта згадаць, можа быць, не поўны жэст, але паўжэста — сённяшняе вызваленне ксяндзоў Генрыха Акалатовіча і Анджэя Юхневіча. Гэта і жэст на адрас Ватыкана, які быў у гэтым зацікаўлены (згадаем пра візіт у Мінск Клаўдзіа Гуджэроці ў кастрычніку), але разам з тым абодва ксяндзы — этнічныя палякі. То бок, Лукашэнка вызваліў не самых галоўных людзей, каго Польшча хацела — але больш, чым нікога.

Таксама бачна, і гэта фіксуецца, рэзкае зніжэнне колькасці мігрантаў, якія нелегальна перасякаюць мяжу. Гэта лішняе пацверджанне маёй тэорыі «тонкай наладкі»: пры жаданні паток можна зменшыць амаль да нуля, а пры жаданні — ўзняць амаль да нябёсаў.

— Запавольванне працэсу значыць, што і вызвалення яшчэ часткі беларускіх палітвязняў варта чакаць у лепшым выпадку пад канец года?

— Думаю, што так, іх вызваляць напярэдадні ці пасля візіту Коўла. Была інфармацыя, што ён планаваўся ўжо на гэтым тыдні. Чаму не адбыўся — можна толькі гадаць, але дакладнага адказу я не ведаю.

Зыходзячы з агульных шматгадовых назіранняў, Лукашэнка, як вопытны «гандляр», свой «тавар» прадае на максімуме цаны. Як ён падлічвае гэты максімум, цяжка сказаць. Можа быць, хоча чагосьці яшчэ.

Літаральна днямі ён цьмяна намякаў, што ўлады «хацелі б вызвалення беларусаў з польскіх турмаў». Ці меліся на ўвазе шпіёны, дыверсанты? Мы не ведаем пра персанажаў, у якіх афіцыйны Мінск быў бы зацікаўлены, як Крэмль у свой час у Красікаве, раней не агучвалася, што ёсць такія персоны. То можа быць, і на гэты конт гаворка ідзе.

Юры Дракахруст дадае: для Лукашэнкі перамовы з Захадам важныя яшчэ і дзеля таго, каб зменшыць залежнасць ад Масквы. Бо нават калі правіцель усёй душой ненавідзіць ЗША і Еўропу, стаць у поўным сэнсе марыянеткай Крамля ён таксама не жадае, а значыць, шукае супрацьвагі. Сёння бадай адзіная рэальная такая супрацьвага — Дональд Трамп.

— Таму працэс запаволіўся, аднак не спыніўся, кропка ў ім не пастаўленая, — рэзюмуе аналітык.