Общество

Юлія Кот

«Дасягненне — гэта тое, што выжылі. Не развіццё, не рух наперад — жывыя, і дзякуй Богу»

Многія аналітыкі адзначаюць: сацыяльны кантракт паміж дзяржавай і грамадствам у Беларусі скасаваны. А што ўлады прапанавалі наўзамен, і як ацэньвае іх высілкі насельніцтва краіны? Старшы даследчык Цэнтра новых ідэяў Генадзь Коршунаў прадставіў вынікі даследавання «Вобраз беларускага рэжыму: агрэсар ці апякун?». «Салідарнасць» паслухала і распавядае, што хвалюе беларусаў у Беларусі ў 2025-м.

— Паліталагічная тэрміналогія не заўсёды дазваляе зразумець успрыманне рэжыму беларускім грамадствам, — тлумачыць даследчык, пра што наогул ягоная праца.

І нагадвае кантэкст. У 1990-х Аляксандр Лукашэнка прапанаваў грамадству пэўны кансенсус: адмова ад палітычных свабод, але і рызыкаў, у абмен на бяспеку і стабільнасць. Тады — і доўгі час пасля — гэта спрацавала.

Але паступова дзяржава ўсё меней забяспечвала сваю «сацыяльнасць», а грамадства рабілася ўсё болей праактыўным і самастойным. Эпідэмія каранавірусу ў 2020-м найбольш яскрава паказала розніцу паміж словамі і справамі, і беларусы пажадалі перафарматаваць стасункі. Рэжым адказаў здушэннем пратэсту і рэпрэсіямі, якія працягваюцца да сёння.

Разам з тым, зазначае Генадзь Коршунаў, нельга сказаць, каб улады былі зусім не заклапочаныя сваёй рэпутацыяй. Рэжым усяляк прасоўвае сваю патэрналісцкую ролю апекуна і абаронцы «мірнага неба». У красавіку 2022 года больш як палова беларусаў турбавалася магчымым удзелам Беларусі ў вайне. На сёння гэтым занепакоены 28% гараджан — удвая менш.

А што тады хвалюе беларусаў тут і цяпер? Як паказала анлайн-апытанне, якое было зладжана ў траўні 2025 года (удзел у ім узялі 512 беларусаў-гараджан унутры краіны), у топе — эканамічныя праблемы:

  • нізкія заробкі;
  • інфляцыя,
  • рост коштаў;
  • маленькія пенсіі.

Нездарма, кажа даследчык, запазычанасць беларусаў перад банкамі сёлета дасягнула максімуму за ўсю гісторыю незалежнасці краіны: беларусам не хапае грошай.

Галоўнымі ж задачамі дзяржавы рэспандэнты лічаць забеспячэнне правоў і свабод грамадзян (42%), даваць магчымасць людзям зарабляць (40%). І толькі потым — знешнепалітычны нейтралітэт, эканамічны рост, бяспеку і г.д. Прычым рост гэтых патрэбаў людзей паказваюць нават апытанні праўладных сацыёлагаў.

І яшчэ адзін трэнд: расце доля тых, хто чакае паслаблення рэпрэсій, але ж рэальна большасць у гэта слаба верыць. Вобраз дзяржавы-«абаронцы» робіцца ўсё болей цьмяным.

Што прапануе ўлада

Нават сёння прапаганда прасоўвае вобраз Лукашэнкі як «выратавальніка» ад нішчымніцы 90-х, які дагэтуль застаецца «гарантам стабільнасці». Але гэта сведчыць перадусім аб адсутнасці іншых дасягненняў.

Уласна, што пацвердзіла і ранейшае апытанне Цэнтра новых ідэй, у якім сацыёлагі папрасілі вылучыць топ поспехаў і правалаў — за апошнія 5 год і за 30 год суверэнітэту.Больш за дзве трэці (61-67%) рэспандэнтаў не вызначыліся ні з тым, ні з другім. Яшчэ частка напісала сцісла: «Поспехаў няма».

Тыя ж, каму знайшлося, за што пахваліць улады, адзначылі — мір, стабільнасць і ўтрыманне сітуацыі хаця на мінімальным узроўні, захаванне эканомікі ад калапсу.

— Агулам можна зафіксаваць: дасягненне — гэта тое, што выжылі. Не развіццё, не рух наперад — жывыя, і дзякуй Богу, — зазначае Генадзь Коршунаў.

На мяжы 2024-2025-га, перад так званымі «выбарамі», амаль палова апытаных не магла назваць асноўныя ідэі Лукашэнкі — хіба расплывіста згадвалі «мір і бяспеку».

Што непакоіць

Для моладзі забеспячэнне правоў і свабод — не ў прыярытэтах. Толькі 26% маладых людзей лічаць гэта важным, пры гэтым болей за палову (58%) мяркуюць, што беларускія ўлады цалкам ці добра спраўляюцца з усімі сваімі задачамі.

— Ці сведчыць гэта, што сярод моладзі татальная залежнасць, успрыманне рэжыму цалкам легітымным? Я б не пагадзіўся з такім сцвярджэннем, — гаворыць сацыёлаг. — Тэндэнцыя сапраўды назіраецца, і гэта вельмі кепская штука. Але зусім не дзіва, што гэта ёсць.

Прапаганда ж працуе не толькі праз медыя. Страшэнная механіка такога кшталту запушчаная ў школе: манатонны, нудны, штотыднёвы ўплыў на ўроках, нагляднай агітацыі, у TikTok — праўладныя наратывы ў моладзевых сацсетках пашырыліся неймаверна. Усё гэта працуе і, на жаль, дае плён.

— Рэжым у Беларусі — прыклад аўтарытарнага менеджара траўмы, які ўмела сумяшчае ролю апекуна і прыгнятальніка, у залежнасці ад патрэбы, — падсумоўвае Генадзь Коршунаў. — Ён сістэматычна выкарыстоўвае калектыўную траўму, якую часцяком сам жа і стварае, як адну з ключавых прылад кіравання.

За апошнія пяць гадоў вобраз рэжыму ў вачах беларусаў некалькі разоў змяняўся, дадае даследчык. Станам на сёння, мяркуе ён, узмацняецца кампанент «прыгнятальніка», а вобраз «міратворцы» прытухае. І штука ў тым, што істотная частка грамадства не пагаджаецца прызнаваць сябе «ахвярай», якой трэба, каб дзяржава нібыта апекавалася, усю дарогу падтрымлівала і вырашала за яе, як жыць.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(2)